Падчас абменаў ваеннапалоннымі, якія Украіна і Расія праводзяць на тэрыторыі нашай краіны, украінцам уручаюць папяровыя пакеты з беларускай дзяржсімволікай. Чарнігаўскае выданне ЧеLine высветліла, што знаходзіцца ўнутры, на запыт «Флагштока».
Як расказаў Дзмітрый Кыгім, які абараняў Чарнобыльскую АЭС і прабыў у расійскім палоне амаль тры гады, у пакет з беларускай сімволікай кладуць грэчку, тушонку, печыва і ваду.
Як пісаў «Флагшток» у верасні 2024 года, аднолькавыя пакеты з контурам Беларусі, бусламі і чырвона-зялёнымі палосамі заўважалі практычна ва ўсіх украінцаў падчас руху ад Новай Гуты да Новых Ярылавічаў падчас абмену ваеннапалоннымі.
Прычым расійскія вайскоўцы, зафіксаваныя на дарозе ад Новай Гуты да Гомеля, на відэа такіх пакетаў не мелі.
Нагадаем, апошні на сёння абмен палоннымі Расія і Украіна правялі 19 сакавіка па формуле 175 на 175. Таксама Кіеў вярнуў яшчэ 22 чалавекі — гэта цяжкапараненыя, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе.
Паводле прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, гэта быў адзін з самых вялікіх абменаў. Вернутыя салдаты, сяржанты і афіцэры, якія ў тым ліку абаранялі краіну ў Марыупалі, на «Азоўсталі», у Курскай і ўкраінскіх абласцях.
Абмен прайшоў на тэрыторыі Беларусі.